суббота, 16 декабря 2023 г.

ПАЗАКЛАСНАЕ ЧЫТАННЕ

У студзені адбудзецца ўрок пазакласнага чытання на тэму

"Зімовыя прыгоды"

Да ўрока неабходна:

-  прачытаць як мага больш твораў з дадзенага спісу;

- запісаць прачытаныя творы ў чытацкі дзённік;

- вывучыць на памяць адзін з вершаў.

Творы для чытання:

Т. Бушко. «Сняжынка».

 Выбегла Таццянка з дому. Снег мяккі сыпле, усцілае зямлю. Выцягнула ручкі ў сініх рукавічках. На іх зоркі-сняжынкі — мама вышывала. Але вось жа і яшчэ сняжынка прыбавілася. Сняжынка сапраўдная. Яна маленькая, куды меншая за вышываную. Толькі што гэта? Яна яшчэ меншая робіцца. Глядзіць на рукавічку Таццянка, а сняжынка ўсё меншае і меншае. Раптам зусім прапала. Дзе ж яна падзелася? Таццянка перавярнула руку — і тут няма!

Тым часам на далоньку апусцілася яшчэ адна сняжынка. Вялікая, пушыстая.

«Ну, цяпер я разумнейшая буду», — падумала Таццянка. Сціснула яна сняжынку ў рукавічцы і дадому хутчэй пабегла — маме паказаць. Вельмі ўжо гэтая сняжынка да мамінай вышыванай падобная.

— Мама, зірні, што я прынесла! — і выпрастала руку. А на далоні зноў нічога няма! Заплакала Таццянка ад крыўды.

— I куды яна падзелася? — плача Таццянка.

— Хто? — пытаецца мама.

— Сняжынка! Я табе яе ў рукавічцы прынесці хацела. Несла, несла і згубіла па дарозе!

— Не плач! Не згубіла ты яе… — і мама расказала Таццянцы, што здарылася са сняжынкай.

А вы здагадаліся, дзе падзелася сняжынка?

Н. Галіноўская «Размова сняжынак».

 

Мы — вясёлыя сняжынкі,

І сябруем мы з зімой,

Мы — сняжынкі­балерынкі,

Мы танцуем танец свой.

 

Ах, як хочацца нам болей

Пакружыцца над зямлёй!

Апускаемся паволі

І гамонім між сабой:

 

— Я саджуся на галінку.

— Я — на плот.

— А я — на дах.

— Апушчуся на сцяжынку.

— Сяду я на правадах.

 

Мы — вясёлыя пушынкі,

Мы танцуем угары,

Мы — сняжынкі­балерынкі.

Танец наш — для вас, сябры!

Я. Галубовіч. «Галкі грэюцца» ЧЫТАЕМ ТУТ

К. Камейша. «Першы снег» ЧЫТАЕМ ТУТ

У. Мазго. «Новы год»

Новы год, Новы год!

Белы снег, як вата.

Каля ёлкі карагод

Закружыла свята.

 

Скачуць заяц і ліса —

Добрыя суседзі.

Па палях і па лясах

Дзед Мароз зноў едзе.

 

А гірлянды і шары

Ззяюць на галінках,

Бо прыйшла да дзетвары

Лепшая ялінка.

 

Паскараюць стрэлкі ход,

Нібы ў эстафеце,

Каб сустрэлі Новы год

Каля ёлкі дзеці.

 

Хай і людзі, і звяры

Век жывуць у згодзе,

Хай жадаюць нам сябры

Шчасця ў новым годзе!

М. Маляўка. «Белы вярблюд» ЧЫТАЕМ ТУТ

А. Марціновіч. «Верабейка Чыка»

Некалькі дзён сваволіла лютая завіруха. Хоць у Дзяніскі пачаліся першыя ў жыцці канікулы, мама на вуліцу яго не пускала.

Дзяніска, прыплюснуўшы нос да шыбы, узіраўся, як шраціны снегу, падхопленыя ветрам, насіліся ў паветры.

Нарэшце завіруха ўціхамірылася. Выглянула сонца.

— Мама, можна на вуліцу? — запытаў Дзяніска і пачаў хуценька апранацца.

— Глядзі, толькі не доўга.

На двары — дрэвы, быццам ватай пакрытыя. 3 галінак тоўстымі пасмамі звісае снег.

Кінуўся Дзяніска за вугал дома і ажно вочы прыжмурыў. Горкі, з якой ён так любіў з'язджаць на санках, амаль не відаць. Наўкола роўнядзь снегу. Ён блішчыць, пераліваецца, ажно ў вачах балюча.

«Які б сабе занятак знайсці?» — думае Дзяніска.

Ранавата яшчэ, сябры ўсе дома. Але што гэта? Ля кусцікаў, на ўзгорку, ён убачыў нешта шэрае.

Падышоў бліжэй — верабейка. Узяў яго ў рукі, а той амаль і не дыхае. Замёрз, бедалага.

Дзяніска адразу ў хату. Прайшло колькі мінут, птушачка расплюшчыла вочы. Хлопчык наліў у сподачак цёплай вады, паднёс верабейку. Той зрабіў глыток, другі...

Дзяніска насыпаў на падлогу хлебных крошак. Верабейка паспрабаваў іх і чырыкнуў.

— Чыка! — сказаў Дзяніска.

— Няхай і Чыка, — пагадзілася мама і параіла: — Зрабі ў каробцы з-пад татавых чаравікаў дзірачкі, пасадзі туды Чыку, хай адпачне.

Пражыў верабейка ў Дзяніскі два дні. Асвоіўся, нікога не баяўся. Ні мамы, ні таты, ні Дзяніскі.

Тата дапамог Дзяніску зрабіць з кавалачкаў фанеры кармушку.

Вынес Дзяніска Чыку і кармушку на вуліцу. Верабейка пырх і паляцеў, усеўся непадалёку на дрэва, глядзіць, што Дзяніска рабіць будзе.

Дзяніска прымацаваў кармушку на дрэве. Пасыпаў у яе пшана, хлебных крошак. Паклаў маленькія кавалачкі сала. Гэта для сінічак, яны ж вельмі ахвочыя да такіх прысмакаў.

Хутка ля кармушкі з'явілася дружная стайка. Дзяніска стаяў збоку, назіраў, як птушкі харчуюцца.

— Чыка! Чыка! — пазваў верабейку. I ты падлятай.

Але Чыка сядзеў на галінцы і не спяшаўся. Яго вочкі быццам гаварылі хлопчыку: «Дзякуй, Дзяніска! Дзякуй! Я не галодны, хай іншыя падсілкуюцца».

П. Прыходзька. «Сінічка»

Мілая сінічка,

Ты — мая сястрычка,

Добрая, не злая,

Хоць зусім малая.

 

Летам і зімою

Ты заўжды са мною,

Песеньку спяваеш,

Двор не пакідаеш.

 

Не ляціш за мора

3 роднага прастору.

Каб не сумавала,

Дам табе я сала.

П. Ткачоў. «Мікіткаў падарунак»

Навіна ўстрывожыла ўсіх птушак у садзе. А прынесла яе даўгахвостая Сарока.

— Глядзіце! Глядзіце! — стракатала белабокая. — Нашу кармушку хлапчук разбурае!

Зляцеліся сінічкі, вераб'і, снегіры, чачоткі, попаўзні. Усе акружылі Сароку. Толькі Дзяцел не звяртаў ніякай увагі на сарочае стракатанне і па-ранейшаму выстукваў старую яблыню. Не да гэтых дробязей лясному доктару. Сёння ў яго чарговы абход хворых дрэў у садзе.

— Хлусіць! Хлусіць! Не можа гэтага быць! — пінькалі сініцы, ціўкалі вераб'і.

Скажы, хлушу я ці не? — звярнулася белабокая да старога Крумкача, які сядзеў на самай верхавіне высокага дрэва. Сціхлі сінічкі, вераб'і.

— Пр-р-раўду! Пр-р-раўду гавор-рыш! — пракаркаў стары Крумкач. — Я заўсёды гавар-рыў, што гэта нядобр-ры хлопчык!

I ўсё ж такі не паверылі птушкі і старому Крумкачу. Сабраліся ўсе разам, пагаманілі і вырашылі паслаць у разведку маленькую сінічку Піньку.

— Пінь-пінь! Пінь-пінь! — з галінкі на галінку перапырхвала сінічка. Падляцела зусім блізка. Села на сучок і глядзіць.

Нічога не можа зразумець. Мікітка, той самы Мікітка, які кожную раніцу прыносіў птушкам крошкі хлеба, зярняткі, нават скрылікі сала, зараз здымаў з галіны кармушку, якую сам калісьці змайстраваў.

— Пінь-пінь! Пінь-пінь! — жаласна запінькала сінічка. — Што ты робіш, Мікітка?

А Мікітка нібы і не чуе. Забраў кармушку і панёс дахаты. Нават не азірнуўся.

Прыляцела Пінька да птушак. Сумная-сумная. I ўсе зразумелі: Сарока на гэты раз гаварыла праўду. — Што ж мы будзем рабіць? — спытаў баязлівы Попаўзень. — Зіма. Сцюжа. Голадна. Прыйдзецца ляцець з гэтага саду.

Але Мікітка хутка вярнуўся і паставіў кармушку на старое месца.

Першы гэта заўважыў Дзяцел. Паглядзеў ён на Мікітку, потым на кармушку і вачам сваім не паверыў. На кармушцы стаяла маленькая ёлачка, а на ёй пацеркі з зярнят, крошкі хлеба, каробачка з каноплямі і нават яблык.

— Хутка ж Новы год! — успомніў Дзяцел. — Вось дык Мікітка, ну і Мікітка! Якую ёлачку нам наладзіў!

I тут жа Дзяцел адстукаў усім птушкам тэлеграму, каб хутчэй прыляталі.

Зляцеліся птушкі і да позняга вечара вадзілі карагод, спявалі песні і на птушынай мове славілі добрага хлопчыка Мікітку.

В. Хомчанка. «Галка» ЧЫТАЕМ ТУТ

Комментариев нет:

Отправить комментарий